МАРАКА́ЙБА НІЗІ́НА,
тэктанічная міжгорная ўпадзіна на ПнЗ Венесуэлы і часткова (на ПдЗ) у Калумбіі. Пл. каля 60 тыс. км². Акружана хрыбтамі Андаў, на Пн выходзіць да Венесуэльскага зал. Карыбскага м. У цэнтры М.н. возера (лагуна) Маракайба. Складзена з мелавых і палеаген-неагенавых нафтаносных пясчанікаў і сланцаў, перакрытых алювіем. Здабыча нафты і газу (Маракайбскі нафтагазаносны раён). Клімат субэкватарыяльны, гарачы. Сярэднегадавая т-ра 28,5 °C — найвыш. ў Паўд. Амерыцы. Ападкаў на Пд 1500 мм, на Пн 500 мм за год. Паўд. ч. забалочана, укрыта вечназялёнымі лясамі, на Пн летнезялёныя лясы і хмызнякі, якія чаргуюцца з саваннамі, у бок Венесуэльскага зал. пераходзяць у паўпустыню.
т. 10, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)